Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 21.03.2024
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=334 


Памёр Аляксей Каўка...

Памёр Аляксей Каўка... 
беларускі гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, кандыдат гістарычных навук, стваральнік першага нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў Масквы. 

Аляксей Канстанцінавіч Ка́ўка нарадзіўся 20 верасня 1937 ў вёсцы Машчаліна Чэрвеньскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1961), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971). 3 1954 года на культурна-асветніцкай і камсамольскай рабоце. У 1971—1979 і 1983—1987 гадах у Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР, у 1979—1982 гадах прадстаўнік Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязей з заграніцай, саветнік пасольства СССР у Польшчы.

 У 1976—1977 гадах напісаў «Ліст да рускага сябра» — палемічны твор пра стан беларускай мовы і парушэнне моўных правоў у Савецкай Беларусі. Ліст распаўсюджаваўся самвыдатам, патрапіў у Польшчу, затым — у Лондан, дзе быў выдадзены на рускай і англійскай мовах у 1979 годзе.

А ў 1980 Каўка як уладальнік дыпламатычнага пашпарта (працаваў дарадцам у савецкай амбасадзе ў Варшаве) перапраўляў на Захад творы, што не маглі быць апублікаваныя ў савецкай Беларусі, у тым ліку рукапіс вядомай кнігі А. Бембеля “Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс”, што ўбачыла свет у Лондане.

У 1991-м, стаўшы сведкам трагічных падзей у Вільні, Каўка даслаў на імя генсека Гарбачова тэлеграму аб сваім выхадзе з “партыі-жандара і ворага нацыянальнага самавызначэння народаў”...

Прыязджаючы ў Беларусь, Аляксей Канстанцінавіч цэлымі днямі сядзеў у Архіве літаратуры і мастацтва. Плён тых сядзенняў - 10 кніжак гісторыка-літаратурнага альманаха "Скарыніч". Шмат зроблена А. Каўкам і дзеля памяці Мікалая Улашчыка, варта згадаць хоць бы выдадзены ў серыі "Беларускі кнігазбор" дыхтоўны том спадчыны вядомага гісторыка.

3 1987 года галоўны рэдактар часопіса «Советское славяноведение». У часопісе беларускімі аўтарамі (Адам Мальдзіс) быў падняты шэраг важных беларусістычных тэмаў. Яго навуковай праблемай быў Францыск Скарына, беларуская літаратура, яе гісторыя і яе даследчыкі. Яго цікавілі і замежныя беларусазнаўцы, ён пісаў пра П. Шафарыка. 
Ён быў своеасаблівым "паслом Беларусі", актыўным беларусістам за мяжой, ініцыятарам шматлікіх беларусістычных захадаў, шматгранным глыбокім даследчыкам, вельмі сімпатычным, дасціпным і прыемным у зносінах чалавекам. Дзве яго кнігі маюць адначасова жыццесцвярджальныя і наўмысна рэгіяналізаваныя назвы: "Жывом!" і "Будам жыць!"

 З 1989 года Аляксей Каўка - старэйшы навуковы супрацоўнік па беларускай літаратуры Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай Акадэміі навук.

У 1988 годзе ён стварыў першае аб’яднанне беларусаў Масквы – Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны, дзе стаў старшынём яго рады. У дзевяностыя гады быў чальцом рады Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”.

 Светлая памяць годнаму Беларусу Аляксею Каўку!



Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru