Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 11.04.2019
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=317 


Доўжыцца Месяц беларускай культуры

У межах Месяца беларускай культуры, што праводзіцца ў Бібліятэцы замежнай літаратуры Цэнтрам славянскай культуры і Нацыянальна-культурнай аўтаноміяй "Беларусы Масквы", адбылася Вечарына беларускай паэзіі.

Удзельнікі вечарыны азнаёміліся з першымі паэтамі зямлі беларускай - Францішкам Скарынам, Міколам Гусоўскім, Сімяонам Полацкім. Вялікую цікавасць выклікала паэма Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра", напісаная ім ў 1522 годзе, - песня-роздум пра прыроду, жывёльны свет і народ Вялікага княства літоўскага, пра Вялікага князя ВКЛ Вітаўта.

З буйных твораў беларускай літаратуры новага часу былі прадстаўлены парадыйна-сатырычныя паэмы "Энеіда навыварат" смаленскага паэта і драматурга Вікенція Равінскага і "Тарас на Парнасе" віцябляніна Канстанціна Вераніцына.

Размова пра асаблівасці беларускай мовы, яе граматыкі і вымаўлення быў злучаны з творамі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Сяргея Грахоўскага, Генадзя Бураўкіна і іншых паэтаў.

Кіраўнік міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі "Спяваючыя пісьмёны" Сяргей Главюк распавёў пра сваё унікальнае білінгвічнае выданне "Анталогія беларускай паэзіі", створанае з удзелам НКА "Беларусы Масквы". Анталогія актыўна запатрабаваная, і даводзілася друкаваць дадатковыя наклады, але ... тым часам напісана шмат вельмі годных паэтычных твораў беларускіх аўтараў, і анталогія патрабуе папаўнення. Сяргей Главюк прадставіў удзельнікам вечарыны шэраг вершаў сучасных аўтараў, у тым ліку і ў сваім перакладзе на рускую мову.

Госці вечарыны, паэты і перакладчыкі Алена Песцерава, Герман Уласаў, Ганна Паўлоўская прадставілі ўдзельнікам Вечарыны новыя пераклады Анатоля Сыса, Міхася Стральцова, Васіля Гадулькі, Людкі Сільновай, Андрэя Хадановіча, Алеся Разанава, Насты Кудасавай ... Сваё вершаванае ўражанне ад наведвання беларускай сталіцы прадставіў Антось Кобец.

Вёў Вечарыну беларускай паэзіі і дэкламаваў вершы Раман Чырвонцаў.




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru