Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 17.05.2017
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=298 


Светлай памяці Віктара Даніленка

У гэтыя непагодлівыя травеньскія дні пайшоў з жыцця першы амбасадар суверэннай Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Віктар Даніленка.

Віктар Дзмітрыевіч Даніленка нарадзіўся 3 кастрычніка 1936 года ў вёсцы Петухоўка Магілёўскай вобласці ў сям'і сялян. Маці працавала ў калгасе, бацька загінуў падчас вайны з фінамі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Віктар скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём. У 1959 годзе скончыў будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.

Працаваў на будаўнічых аб'ектах у Беларусі, у прыватнасці на будаўніцтве найбуйнейшага ў Еўропе Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна. У траўні 1975 года быў прызначаны першым намеснікам старшыні Дзяржбуда БССР, а ў лютым 1976 г. заняў пасаду міністра сельскага будаўніцтва рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам у рэспубліцы быў пабудаваны шэраг буйных вытворчасцяў па выпуску будаўнічых магутнасцяў, а таксама аб'ектаў сацыяльнага прызначэння для замацавання кваліфікаваных кадраў у вёсцы - школы, шпіталі, паліклінікі, жылыя дамы, дзіцячыя сады.

Рэспубліка Беларусь у тыя часы была сапраўднай кузняй кадраў для саюзных міністэрстваў і ведамстваў. Так і Віктар Дзмітрыевіч быў пераведзены ў 1980 годзе ў Маскву для працы ў міністэрстве сельскага будаўніцтва СССР. Спачатку працаваў намеснікам, першым намеснікам, а ў 1982 годзе міністрам сельскай будаўніцтва СССР. У 46 гадоў ён стаў самым маладым міністрам СССР. Як міністр пабываў ва ўсіх саюзных рэспубліках Савецкага Саюза. У 1985 годзе, пасля рэарганізацыі аграпрамысловага комплексу на базе шасці міністэрстваў, быў створаны Дзяржаграпром СССР, у якім В.Д. Даніленка прызначаны на пасаду намесніка старшыні Дзяржаграпрама СССР па капітальнаму будаўніцтву і рэканструкцыі ў рангу міністра СССР. Браў актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АС, землятрусу ў Арменіі.

Увесь час Віктар Дзмітрыевіч не губляў сувязі з роднай рэспублікай, і калі яму прапанавалі пасаду пастаяннага прадстаўніка Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР, ён з радасцю згадзіўся. Пасля ён успамінаў, як ганарова і адказна было прадстаўляць магутную ва ўсіх адносінах Беларусь, якая знаходзілася на ўздыме і была на добрым рахунку ў СССР.

Пасля развалу Савецкага Саюза Пастаяннае прадстаўніцтва было пераўтворана ў Амбасаду Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, і Віктар Дзмітрыевіч стаў Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў каля шасці гадоў. Гэта быў перыяд станаўлення Амбасады, дзе ў асноўным працавалі ўраджэнцы Беларусі, грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Віктара Дзмітрыевіча добра ведалі ў розных міністэрствах і ведамствах Расійскай Федэрацыі, ён быў асабіста знаёмы з Прэзідэнтам Расіі, мэрам Масквы, што ў немалой ступені спрыяла паспяховай яго працы на гэтай адказнай пасадзе.

Пасля заканчэння дыпламатычнай службы В. Даніленкі Юры Міхайлавіч Лужкоў парэкамендаваў на пасаду першага намесніка генеральнага дырэктара ўпраўлення па праектаванні грамадскіх будынкаў і збудаванняў «Моспраект-2». Гэтая арганізацыя займалася праектаваннем будынкаў у цэнтры Масквы. Пры яго непасрэдным удзеле быў адноўлены Храм Хрыста-Збавіцеля, і яго імя значыцца на ганаровай дошцы гэтага храма.

Пасля сыходу на пенсію Віктар Дзмітрыевіч Даніленка прымаў удзел у грамадскім жыцці горада Масквы: быў сябрам клуба міністраў СССР, сябрам Рады Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы".

За шматгадовую працу В.Д. Даніленка, ганаровы будаўнік Расійскай Федэрацыі і Масквы, быў узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага чырвонага сцяга, ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і шматлікімі медалямі.

Пахаваны В.Д. Даніленка на Траякураўскіх могілках у Маскве.

Светлай яму памяці.

А. Глод, сябра Рады НКА "Беларусы Масквы".




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru