Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 28.12.2016
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=293 


Грамадскія аб’яднанні беларусаў

30 снежня 1988 года ў Маскве адбыўся сход беларусаў-масквічоў, якія вырашылі ўтварыць Маскоўскае Таварыства Беларускай Культуры. Алякей Каўка, што быў завадатарам гэтай імпрэзы, прапанаваў надаць новай арганізацыі імя выдатнага дзеяча эпохі Адраджэння, нашага першадркара і асветніка Францішка Скарыны. Гэта была першая ў Савецкім Саюзе нацыянальна-культурная грамадская арганізацыя беларусаў за межамі БССР. Удзельнікі сходу прынялі зварот да беларусаў Масквы і Маскоўшчыны (глядзі тэкст).

Сёння ў Расійскай Федэрацыі каля сотні нацыянальна-культурных організацый беларусаў, у тым ліку нацыянальна-культурныя аўтаноміі: 44 мясцовых у гарадах і весях, 14 рэгіянальных у суб’ектах Федэрацыі, і Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

ДА БЕЛАРУСАЎ МАСКВЫ I ПАДМАСКОЎЯ

Дарагія землякі, браты і сестры, суродзічы!

30 снежня 1988 года на ўстаноўчым сходзе беларусаў - масквічоў утворана Маскоўскае Таварыства Беларускай Культуры імя Францішка Скарыны. Мы гуртуемся ў эпоху сацыяльнага і духоунага абнаўлення, адраджэння ленінскай канцэпцыі сацыялізма, нацыянальнага жыцця ў краіне

Кожны з нас – жывая часцінка маці-Беларусі. Наша натуральнае жаданне -– каб ва ўсечалавечым хоры быў чуцен, не цішэў, не занікаў голас беларусаў. Народа, за плячыма якога дужа вякоу слаўнай і драматычнай гісторыі, немалыя культурныя набыткі.Мы ганарымся багаццем і славаю Радзімы. Але і смуткуем з-за панесеных стратаў. Прыкра і балюча бачыць занядбанне роднай мовы, гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры, парушэнне экалагічнай, усяе духоуна-прыроднай раўнавагі чалавечага быцця. “Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!” – запавет Багушевіча і сёння надзённы!

Усё відавочней ісціна: на дне высахлай ракі жывога мацярынскага слова настане немінучы духоўны скон асобы, гістарычны заняпад народа. Не дзеля сытасці – дзеля творчасці родзіцца чалавек, узнікаюць, развіваюцца народы. Гэтую праўду бліскуча давёў Скарына, наш славуты асветнік-першадрукар, калі паўтысячай гадоў раней прапісаў сваіх братоуў-русічаў на скрыжалях сусветнай культуры. Няхай жа прыклад вялікага гуманіста яднае нас у служэнні народнай справе – дабру паспалітаму, нацыянальнай культуры, дружбе між народамі.

Мэты Таварыства імя Скарыны:

-- трывалая лучнасць з маці-Беларуссю, усім беларускім этнасам;

-- адданасць беларускай мове, песні , беларускай думцы, а таксама беларуска-рускаму братэрству, адзінству народаў СССР;

-- дзяржаўны статус, безперашкоднае ўсебаковае развіцце, паўсюднае грамадскае функцыяніраванне беларускай мовы ў БССР.

Беларус не можа заставацца утрыманцам іншых моваў і культур, не павінен выракацца мовы і культуры бацькоў, дзядоў, прадзедаў. У супольны інтэрнацыянальны дом беларусы – дзе б ні пражывалі – могуць і павінны нясці свае адвечныя скарбы, каб па праву карыстаць з духоўнага багацця другіх нацый.

Будзем жа супольна памнажаць духатворныя традыцыі Ефрасінні Полацкай, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага , Вінцука Дуніна - Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Ігната Буйніцкага, Язэпа Драздовіча, Яфіма Карскага, Змітра Жылуновіча, Аляксандра Чарвякова, Івана Мележа, Рыгора Шырмы, Мікалая Улашчыка, Уладзіміра Караткевіча, Пятра Машэрава. Будзем доўжыць справу асветнікаў, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, палітыкаў – усіх, хто ахвярна служыў вячыстай славе Беларусі, нацыянальным і агульначалавечым ідэалам, патрыятызму і інтэрнацыяналізму.

Таварыства адкрыта для кожнага, незалежна ад нацыянальнасці, гатовага спрыяць ягоным мэтам.

Нараджаецца новая песня Беларусі – падхопім яе адраджэнчы матыў! Стварайма гурткі, уступайма у шарэнгі сяброў Таварыства імя Скарыны!

Устаноўчы сход беларусаў-масквічоў, 30 снежня 1988 года



Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru