Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 10.11.2016
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=288 


«Мікалай Улашчык. Памятаем. Слухаем. Чытаем»

8 лістапада 2016 года ў Зале беларускай дыяспары Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі адбыўся Навукова-практычны круглы стол» «Мікалай Улашчык (1906-1986). Памятаем. Слухаем. Чытаем», прысвечаны 30-й гадавіне памяці беларускага і расійскага гісторыка і літаратара.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Масквы" пры падтрымцы беларускай дыпмісіі.

Намаганнямі маскоўскіх беларусаў было сабрана шмат выданняў: твораў Мікалая Улашчыка, кніг пра яго асабіста і ягоную дзейнасць, матэрыялы і фота з сямейнага архіва, у тым ліку ўнікальны запіс выступлення Мікалая Улашчыка на беларускім тэлебачанні ў 1986 годзе. З вялікай цікавасцю сустрэлі ўдзельнікі зусім новае выданне: кнігу ўспамінаў «Даць народу гісторыю. Успамiны, лiсты», што прывёз з Мінска Міхась Скобла.

Адкрываючы «Круглы стол», радца-пасланнік Пасольства Беларусі ў Расіі Юры Ярашэвіч адзначыў, што Мікалай Улашчык пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Невыпадкова яго называюць беларускім Герадотам – знакаміты археограф, краязнавец, даследчык летапісаў Мікалай Улашчык даказаў адданасць Беларусі не толькі навуковымі працамі, але і ўласным няпростым лёсам.

У рабоце «Круглага стала» прынялі ўдзел гісторык і літаратуразнаўца Аляксей Каўка, паэт і перакладчык Міхась Скобла, намеснік старшыні НКА "Беларусы Масквы" Віктар Чайчыц, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Андрэй Прохараў, сацыёлаг, Міністр замежных спраў Беларусі (1997-1998 гг.) Іван Антановіч, пісьменнік Аляксандр Кажадуб, расійскі гісторык-генеалог і грамадскі дзеяч Станіслаў Думін і інш. Мадэратарам дыскусіі была старшыня НКА "Беларусы Масквы» Аксана Солапава.

Аляксей Каўка перадаў гістарычнаму факультэту БДУ рэдкае выданне, да гэтага часу не выдадзенае ў Беларусі – распрацаваныя Мікалаем Улашчыкам «Летописи белорусско-литовские», – з інскрыптам, рукапісным дароўным надпісам, Аляксею Каўку ад Мікалая Улашчыка.

Мікалай Улашчык (1906-1986)

Нарадзіўся Мікалай Улашчык 1 (14 па новым стылі) лютага 1906 года ў заможнай сялянскай сям'і ў вёсцы Віцькаўшчына каля Мінска. Паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, але быў адлічаны па даносе як «сын кулака». Пазней яго аднавілі студэнтам, але пазбавілі стыпендыі. Вучыўся за ўласны кошт. Падчас вучобы працаваў бібліятэкарам у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР і сакратаром Кніжнай палаты БССР. Ва універсітэце пры актыўнай падтрымцы рэктара Пічэты арганізаваў краязнаўчае таварыства, удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях, пісаў артыкулы па гісторыі і краязнаўстве. Скончыў універсітэт ў 1929 годзе.

16 чэрвеня 1930 года быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Летам таго ж года па абвінавачванні ў «Нацдэмаўшчыне» было арыштавана 108 найслынных дзеячаў нацыянальнай навукі і культуры. 10 красавіка 1931 года быў высланы на 5 гадоў у Нолінск Вяцскай вобласці.

У ліпені 1932 года быў арыштаваны зноў і 10 чэрвеня 1933 года асуджаны. Спачатку быў у Марыінскім папраўча-працоўным лагеры ў Новасібірскай вобласці, потым у лагеры ў пасёлку Суслава Кемераўскай вобласці. Пазней навуковец казаў, што менавіта ў лагерах былі напісаныя яго кандыдацкая і доктарская дысертацыі – у думках, не маючы магчымасці выказваць думкі на паперы.

Вясною 1935 года быў вызвалены без права вяртання ў БССР. Працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў школах і тэхнікумах Паволжа. З 1939 гада працаваў настаўнікам у Ленінградзе.

На наступны дзень дзень пасля пачатку вайны быў арыштаваны ў трэці раз, высланы ў горад Златавуст Чэлябінскай вобласці. Пры садзейнічанні акадэміка, віцэ-прэзідэнта АН СССР, дырэктара Інстытута фізіялогіі АН СССР Л.А. Арбелі 28 лістапада 1942 году быў вызвалены.

У 1947 годзе скончыў аспірантуру Інстытута гісторыі АН СССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1948 года выкладаў на кафедры заходніх і паўднёвых славян у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. У 1949 годзе быў звольнены.

23 студзеня 1950 арыштаваны ў чацвёрты раз, адбываў зняволенне ў лагеры ў пасёлку Суслава. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года.

Пасля вызвалення вярнуўся ў Маскву. Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі СССР. У гэты час былі напісаны найбуйнейшыя працы гісторыка. У Інстытуце гісторыі Улашчык стаў беспярэчна аўтарытэтам у галіне гісторыі Вялікага княства Літоўскага і археаграфіі Беларусі. Акрамя таго, пісаў працы, прысвечаныя малавывучаным праблемах фальклору і этнаграфіі, гісторыі гарадоў і мястэчак, нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі, пытанням айчыннай культуры і літаратуры. Напісаў працу па гісторыі роднай вёскі Віцькаўшчына, аўтабіяграфічную «Хроніку». Выступаў у друку і на тэлебачанні з прамовамі ў падтрымку беларускай мовы і культуры.

Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках. На надмагільным камені высечаны вершы Янкі Купалы: «Мне сняцца сны аб Беларусі...»

рр




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru