Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 21.03/2012
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=154 


Будзьма беларусамі!

Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” правяла ў Маскоўскім доме нацыянальнасьцяў літаратурна-музычную вечарыну “Не забывайце мовы нашай беларускай”.

Вечар распачалі з паказу дакументальных фільмаў пра гісторыю і культуру беларускага народа.

Старшыня аўтаноміі Сяргей Кандыбовіч распавёў пра Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае сьвята, якое па рашэнню Юнэска з 2000 года адзначаецца з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасьці, заахвочваньня шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяньня ўсьведамленьню моўных і культурных традыцыяў, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, талерантнасьці і дыялогу. “Наша агульная мэта, – сказаў С. Кандыбовіч, – садзейнічаць захаванню і развіццю беларускай мовы, таму што менавіта родная мова адлюстроўвае культуру, характар, лад жыцця, склад думак і аблічча чалавека”.

З пільнай увагай слухалі прысутныя даклад “Наша мова: мінулае, сучаснасьць і будучыня”, які распавёў вядомы навуковец- скарынавед, патрыярх беларускага нацыянально-культурнага руху ў Маскве, доктар філалагічных навук Аляксей Каўка. Свой аповед ён яскрава аргументаваў узорамі багатай выставы выданняў, прысвечаных беларушчыне, з асабістых бібліятэк Аляксея Каўкі і паэта Івана Бурсава.

“Беларуская мова, сказаў А. Каўка, - можа паспяхова выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах: ад побытавай да высокіх камп’ютарных тэхналогій. Сёння ў Беларусі беларуская мова пранікае і ў інтэрнэт, і ў канфесіўныя сферы – не толькі ў касьцёл, таксама і ў праваслаўную царкву. Наша мова па мілагучнасьці займае адно з першых месц у сьвеце. Размаўляйце, не саромейцеся роднага слоўка, не губляйце повязь з роднай зямліцай!

Усе мы знітаваны з тымі мясцінамі, дзе нарадзіліся, дзе пачулі першае матчына слова”…

Цёпла сустрэлі прысутныя выступленне вядомага беларускага паэта, парадыста і перакладчыка Міхася Скобла, намесніка галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларускі кнігазбор», сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Пісьменнік Алесь Кажадуб прачытаў свае новыя гумарыстычныя апавяданьні.

Прыемным адкрыццём было выступленне спявачкі, барда Таццяны Грыневіч-Матафонавай.

Магічны тэмбр, пранікнёнасць выкананьня, натуральнае валоданьне мовай і прыгожая знешнасць закранулі самыя лепшыя і глыбокія пачуцьці слухачоў. Прагучалі такія родныя беларусам песьні і рамансы: Разьвітаньне з Радзімай (М. Агіньскі, С. Сокалаў-Воюш), Кветка шыпшына (Ул. Караткевіч, муз. народная), Сонца за хмаркамі ўранні (Н. Тарас, І. Сушко), Не магу я знайсьці тое слова (А. Русак, І. Любан), Знае сэрца (Н. Арсеньнева, Э. Зубковіч), Белы сьнег (С. Новік-Пеюн), О, Беларусь, мая шыпшына (У. Дубоўка-Л. Геніюш, М. Шчаглоў-Куліковіч), Не шукай ты мяне (А. Русак, І. Любан), а таксама аўтарскія песні Таццяны: Школьны званок, Першыя ўрокі, Самая прывабная, Вальс разьвітаньня.

Пра сваё спасціжэнне роднай мовы расказаў Раман Чырвонцаў і прадэкламаваў вершы Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Анатоля Сыса; урывак з Новай зямлі Якуба Коласа прачытаў на беларускай, рускай і польскай мовах.

У вечарыне прынялі удзел сябры Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”, студэнты з Беларусі, што навучаюцца ў МДУ імя Ламаносава на гістарычным і філалагічным факультэтах.

Напрыканцы Сяргей Кандыбовіч і вядучы вечарыны, Аляксандр Глод, падагульнілі заклікам да прысутных: БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ!

_____________________________________________________________________________________



Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru