Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 12.06.2016
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=284 


Нашыя таленвітыя землякі

Сябры Нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы» здаўна ведаюць Людмілу Курыловіч – не раз на нашых вечарынах яна дэкламавала вершы сваёй маці, Ніны Захарэвіч, і спявала шчырыя беларускія песні. сёння мы маем магчымасць адкрыць яшчэ адзін талент Людмілы Паўлаўны. У філіяле Пастаўскага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў адбылася яе персанальная выстава жывапісу “Абуджэнне”.

Гэту назву можна тлумачыць па-рознаму: і як абуджэнне прыроды вясной (а на пераважнай большасці работ прысутнічаюць кветкі, сакавітая зеляніна дрэў і травы), і як абуджэнне самой мастачкі, яе таленту, які нечакана адкрыўся год назад. Так-так, менавіта тады Людміла Паўлаўна ўпершыню ўзяла ў рукі пэндзаль. Хоць у гэта і цяжка паверыць, гледзячы на прафесійна выкананыя карціны.

Падзякаваўшы ўсім, хто прыйшоў на адкрыццё выставы — а сярод прысутных былі прадстаўнікі раённай улады, родныя і сябры, іншыя пастаўчане, — асаблівую ўдзячнасць Л. П. Курыловіч выказала дырэктару раённага краязнаўчага музея Р. Л. Курачэнка і яго супрацоўнікам, былому намесніку старшыні райвыканкама А. Э. Кейзік за тое, што падалі ідэю выставіць свае работы ў Паставах і дапамаглі яе ажыццявіць, прадаставілі залу. Таксама адзначыла, што выставу прысвячае бацькам — маці Ніне Маркаўне Захарэвіч, якой ужо няма на гэтым свеце, тату Паўлу Іванавічу, якому 19 мая споўнілася 85 гадоў. І, канешне ж, любімаму мужу Аляксандру, які побач ужо 30 гадоў і ўсяляк падтрымлівае яе захапленні і пачынанні.

— Чаму я стала пісаць карціны? Сама не ведаю, як усё атрымалася, — прызналася мастачка. — Магчыма, таму, што звольнілася са школы, дзе адпрацавала шмат гадоў, і з’явілася больш вольнага часу. Акрамя таго, падсвядома старалася запоўніць пустату, што ўтварылася пасля ад’езду дзяцей, якія выраслі і амаль адначасова пакінулі родны дом. Часткова да творчасці падштурхнула тое, што на другой рабоце — у Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы — я займалася пытаннямі культуры і адукацыі. І адным з мерапрыемстваў, якое арганізоўвала, была Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. У 2011 годзе яна была прысуджана народнаму мастаку Беларусі Георгію Паплаўскаму. Мы з ім сталі сябрамі. Пашчасціла пабываць у майстэрні Георгія Георгіевіча, убачыць яго работы. Адну карціну ён мне падарыў, яшчэ адну мы з мужам купілі.

Зацікавіўшыся жывапісам, Людміла Паўлаўна пачала глядзець розныя майстар-класы мастакоў у інтэрнэце, на якіх у рэжыме рэальнага часу вучылі, як трэба пісаць карціны. І сама пад іх кіраўніцтвам паспрабавала тварыць. Потым трапіла на рэальныя майстар-класы ў Маскве. Узяла некалькі ўрокаў у Алега Буйко, які спецыялізуецца на напісанні кветак. Там даведалася, што другі дастаткова вядомы і самы капіруемы ў Расіі мастак — Міхаіл Сатараў, які піша ў асноўным пейзажы — таксама дае майстар-класы. З’ездзіла і да яго, зрабіла некалькі копій карцін настаўніка.

— Пакуль у мяне няма свайго адзінага стылю, — гаварыла Л. П. Курыловіч. — Калі акунулася ў мора жывапісу, даведалася, колькі розных напрамкаў у ім існуе і колькі людзей у свеце займаюцца гэтым проста для душы. Мне было цікава паспрабаваць працаваць і з акрылам, і з алеем у розных тэхніках. Рысавала для сябе, атрымліваючы сапраўднае задавальненне і не заўважаючы бегу часу. Спачатку паказала свае работы знаёмым і сябрам. Яны іх адобрылі. Потым рызыкнула размясціць фатаграфіі карцін у “Аднакласніках” і ўбачыла, што не толькі знаёмыя, але і ўдзельнікі іншых груп, прафесійныя мастакі актыўна адзначаюць іх “плюсамі”.

Сёння на рахунку мастачкі каля 40 работ. Некаторыя з іх яна ўжо выстаўляла ў Рэўтаве, у міжнацыянальным цэнтры “Згода”. Але першай сапраўднай выставай лічыць менавіта гэту, што адкрылася ў Паставах. Разам з іншымі з такой знамянальнай падзеяй Людмілу Паўлаўну павіншавала дырэктар музея Р. Л. Курачэнка, якая пажадала ёй яшчэ большых творчых поспехаў і натхнення. Таксама ўсе прысутныя маглі выказаць свае ўражанні пра ўбачанае ў кнізе водгукаў.

Газета «Пастаўскі край»

http://www.postawy.by/2016/05/abudzhenne-mastaka/




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru