Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 30.01.2013
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=188 


95 год ад дня нараджэння П.М. Машэрава

Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін:

– Пятра Мiронавiча я ведаю даволi добра, разам з iм працаваў у ЦК КПБ са снежня 1962 года: тады першым сакратаром быў К. Мазураў, П. Машэраў – другiм. Калi Мазураў перайшоў у Маскву намеснiкам старшынi Саўмiна СССР, Машэраў стаў першым сакратаром ЦК КПБ. З 1972 года я працаваў сакратаром ЦК па iдэалогii.

– Пасля трагiчнай гiбелi Машэрава з’явiлася шмат самых розных публiкацый...

– Я з цiкавасцю сачу за гэтымi публiкацыямi. Частка з iх – блiзкiя да iсцiны, некаторыя яўна надуманыя па палiтычных меркаваннях цi па прычыне таго, што асобныя аўтары самi хочуць узвысiцца, – у свой час многiя, напрыклад, успамiналi, як на суботнiку неслi бервяно разам з Ленiным. Прыкладна такi ж варыянт i ў дадзеным выпадку... Рознiца ў бачаннi сiтуацыi зводзiцца да двух меркаванняў. Першае: гiбель Машэрава – трагiчная выпадковасць. Другое – старанна падрыхтаванае, загадзя прадуманае i прафесiйна выкананае палiтычнае забойства.

Паколькi шмат гадоў мы былi знаёмы з Пятром Мiронавiчам, разам працавалi, я маю права сказаць, што найбольш характэрна для гэтай асобы. Ён камунiст, што называецца, «чыстай вады». Як бы хто з працiўнiкаў камунiстычнага светапогляду, ненавiснiкаў сацыялiстычнага ладу нi вышукваў недахопы, а прыдрацца да Машэрава яны не могуць. Таму што асноўныя чалавечыя параметры ў гэтай асобы – бездакорныя. Ён быў добрым да простых людзей i строгiм да сябе (гэта асаблiва падкрэслю); патрабавальным да асоб, надзеленых паўнамоцтвамi, у значна большай ступенi, чым да радавых выканаўцаў. Ён шукаў аптымальныя шляхi i метады вырашэння любой задачы. Многiя i зараз успамiнаюць жывыя зносiны Машэрава з рабочымi, сялянамi, iнтэлiгенцыяй. Напрыклад, калi на верталёце ляцеў паглядзець стан сельгасработ, загадзя складзенага плана звычайна не было: Машэраў загадваў сесцi там, дзе працуюць (косяць, жнуць, сеюць i г. д.). Потым ужо, пагутарыўшы з людзьмi, ехаў у райкам цi абкам – маючы iнфармацыю «з першых рук»... Але мала мець жаданне размаўляць з людзьмi – трэба яшчэ ўмець iх выслухаць. I галоўнае – выслухаўшы, перакласцi праблемы на мову практыкi.

Машэраў валодаў талентам арганiзатара праз перакананне, а не шляхам сiлавога цiску. Тут адбiвалiся яго прафесiйныя якасцi педагога. Ён раiўся з людзьмi, як лепш зрабiць – i выканаўца станавiўся генератарам iдэй, а не «вiнцiкам» чыёйсьцi волi. I чалавек ужо з iншым настроем выконваў пастаўленую задачу.

Ён вельмi цанiў прафесiяналiзм, сумленнасць, адукаванасць, а не якасцi лiслiвага «верноподданничества».

Пётр Мiронавiч прыдумаў незвычайную форму кантактаў: агульныя абеды. Сакратары ЦК разам абедалi з 13 да 14 гадзiн. На бюро ЦК iшлi афiцыйныя размовы, а за абедам штодня абмяркоўвалi тыя ж пытаннi, толькi ў iншай форме. Чаму гэта важна было? На бюро мы палемiзуем, але перад шырокай аўдыторыяй не вельмi тактоўна безаглядна ўвязвацца ў спрэчку. А за абедам, у спакойнай абстаноўцы... Гэта давала Машэраву магчымасць быць у курсе ўсiх нюансаў i адценняў. I магчымасць «правентылiраваць» розныя меркаваннi па праблемах.

Пятра Мiронавiча адрознiвала яшчэ i такая рэдкая якасць, як уменне знайсцi ў сабе сiлу прызнаць уласную памылку i выправiць яе. Iдэя пабудовы Палаца Рэспублiкi належыць Машэраву. Шмат меркаванняў было – яго пераканалi «пасадзiць» палац на месцы Верхняга горада: маўляў, забудовы там не маюць нiякай гiстарычнай каштоўнасцi.

– Прапаноўвалася цалкам знiшчыць Верхнi горад?

– Знесцi частку пабудоў i менавiта на гэтым месцы пабудаваць грандыёзны палац. Машэрава, паўтараю, угаварылi... У ЦК прыйшло вялiкае калектыўнае пiсьмо ад творчай iнтэлiгенцыi з просьбай не чапаць Верхнi горад. Машэраў на бюро гаворыць: «Кузьмiн падбухторвае iнтэлiгенцыю...». Калi ён быў у адпаведным настроi, так крытыку ўмеў наводзiць – будзь здароў! Пасля бюро падыходжу: «Пётр Мiронавiч, вас падбiваюць на гэты крок: маўляў, пабудуем горад будучынi. А якiм быў Мiнск да гэтага? Скажуць: што не спалiлi немцы, разбурыў Машэраў».

Праходзiць некалькi дзён — Пётр Мiронавiч просiць зайсцi: ён сабраў кiраўнiкоў горада, архiтэктурных i будаўнiчых арганiзацый, яшчэ раз выслухаў усiх. I паставiў задачу – захаваць Нiжнi i Верхнi горад, гiстарычную частку Мiнска. Даў заданне прадумаць, да якога месца «прывязаць» Палац Рэспублiкi. Было прапанавана пабудаваць яго на месцы, дзе зараз манумент гораду-герою Мiнску.

Пасля гiбелi Пятра Мiронавiча ўсё «перайгралi...»

– Аляксандр Трыфанавiч, я заўважаю, што мы мiжволi стараемся адысцi ад тэмы кастрычнiцкiх дзён 1980-га. Вельмi складаныя ўспамiны, i ўсё ж калi паспрабаваць аднавiць храналогiю тых дзён?..

– Калi браць версiю, што аўтакатастрофа была загадзя «падстроена»... Ды нават пры вялiкiм жаданнi ў сiтуацыi, калi рашэнне прымаецца iмгненна, спантанна, паспець штосьцi арганiзаваць – практычна немагчыма. Тут дзейнiчалi iншыя фактары.

У Беларусi гэта не адзiны выпадак аўтакатастроф дзяржаўных дзеячаў: Сурганаў, Бяда. Трапляў у дарожна-транспартнае здарэнне i Г. Кiсялёў. Гэта сведчыць пра няправiльную пастаноўку суправаджэння машын аховы пры паездцы кiраўнiкоў. Фактычна што атрымлiвалася: «мiгалка» iдзе наперадзе, з мiгафонаў гучаць каманды, следам машына кiраўнiка, потым зноў машына аховы... Усе шарахаюцца, нервуюцца, адзiн прытарможвае, другi не бачыць — як i адбылося 4 кастрычнiка.

Яшчэ адзiн фактар: Пётр Мiронавiч, як сапраўдны славянiн, любiў хуткую язду. I калi асабiстыя ахоўнiкi i экiпажы суправаджальных машын прасiлi яго ехаць на меншай скорасцi, Машэраў не заўсёды лiчыўся з iх просьбамi. Далей. Шафёр Пятра Мiронавiча Зайцаў ведаў, што iх машыне заўсёды саступаюць дарогу... Ён таксама 1918 года нараджэння, у апошнi час стаў дрэнна бачыць (насiў акуляры з даволi тоўстымi лiнзамi). У сакратарыяце прасiлi Машэрава замянiць вадзiцеля, але ён не згаджаўся: «Дык што, я ў 62 гады магу кiраваць рэспублiкай, а ён – машынай не можа?! Пакуль я буду працаваць, будзе працаваць i ён».

– I ўсё ж некаторыя гавораць пра падпольныя дзеяннi пэўных сiл брэжнеўскага акружэння...

– Наўрад цi гэта так: збег трагiчных абставiнаў. Паўтараю, нейкага загадзя зацверджанага маршруту паездак Машэрава не было... Хаця, сапраўды, у Пятра Мiронавiча былi складанасцi ў адносiнах з некаторымi маскоўскiмi кiраўнiкамi. Брэжнеў i яго блiжэйшае акружэнне на самай справе недалюблiвалi Пятра Мiронавiча i пры ўсякай магчымасцi дэманстравалi гэта. Чаму? У сацыяльна-эканамiчных адносiнах Беларусь выдзялялася сярод iншых рэспублiк СССР. Выдзялялася i сваёй «савецкасцю» (у самым лепшым сэнсе гэтага паняцця) – i гэта выклiкала раздражнёнасць i зайздрасць. Беларусь i яе лiдэр, высокаадукаваны, энергiчны, граматны, са стойкiмi перакананнямi чалавек заваёўваў усё ўзрастаючы аўтарытэт у краiне, што выклiкала рэўнасць амаль поўнасцю непрацаздольных Брэжнева, Чарненкi, некаторых iншых. Таму такi доўгi час не ўручалася «Залатая Зорка» гораду-герою Мiнску, якой горад быў удастоены па праву. Званне Героя Сацыялiстычнай Працы Пётр Мiронавiч атрымаў тады, калi далей «абыходзiць» яго асабiста нельга было, паколькi большасць кiраўнiкоў абласцей, многiя ў раёнах, у працоўных калектывах ужо атрымалi гэта званне…

Для желающих принять участие в торжественном вечере – телефон 495 957 0545. Вход по пригласительным билетам.

ромром




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru