Белорусы Москвы
Белорусы Москвы
Для кого этот сайт?
Для нас, белорусов, находящихся в Москве.
Творчество
Главная > Творчество > Иван Каренда

Иван Каренда


* * *


Ці ж выпадковую сустрэчу
Паслаў нам Бог сярод зімы?
Ці ж не чакалі гэты вечар
Шмат зім і лет з табою мы?
Пад спевы лютаўскай завеі,
Што замятае ўсе сляды,
Душа душу цяплом сагрэе,
Цяплом гадоў немаладых,
Успыхне полымем жаданне
Сустрэць вясну сярод зімы...
...Цану запозненых прызнанняў
Плаціць да ранку мусім мы..


  Чарнобыльская элегія

Зноў бярозы сокам наліліся
Каля хат, прыгорбленых бядой,
Дзе пілі бярозавік калісьці,
З лустай хлеба – свежы сырадой.
Дзе жылі, кахалі, паміралі –
Як усюды, як на ўсёй зямлі:
Па законах праўды і маралі,
Тых, што продкі ім перадалі.
Па-сялянску думалася: вечна
Будуць поле і бульбяны пах,
Салаўіны пошчак па-над рэчкай,
І грыбы, і ягады ў лясах.
...Пуста ў хатах. Ціха на падворках.
Я стаю ў палоне нематы.
На душы так скрушна і так горка,
Як каля магільнае пліты.


                    Сябрам

Люблю сустрэч жартлівую гамонку:
“Ого, браток, які наеў жывот!
Відаць, табе пашанцавала з жонкай,
Жывеш сабе без клопатаў-турбот...”

Адказ маланкай – не міргнеш і вокам:
“Скажы нам лепш, чаму сівець пачаў?
Няўжо яшчэ раз закахаўся, сокал?
Прызнайся, дзе і з кім ты бавіш час...”

За жартам жарт – каго змаўчаць прымусіш?
Віруе смех з глыбінь сагрэтых душ.
Сябры мае! І ў радасці, і ў скрусе
З адкрытым сэрцам я да вас іду.

...Цячэ, цячэ сур’ёзная гамонка
Пра наш гарачы і трывожны век.
Няхай сабе чакаюць дома жонкі –
Спазніцца мае права чалавек.


                    Споведзь

Я награшыў на шмат гадоў наперад,
Памылак нарабіў – на плечы не ўзвалю.
Вось так жыву, пакутую і веру.
Работу над памылкамі раблю.


* * *


Словы часам – нібы камяні,
Б’юць знянацку, жорстка і балюча,
І ад іх няма травы гаючай...
Словы часам – нібы камяні...
Лепш упасці ніцма ў дрот калючы
Ці гарэць у пеклішчы-агні...
Словы часам – нібы камяні,
Б’юць знянацку, жорстка і балюча...


* * *


Рве раб ланцуг, а путы – конь.
Наверх шыбуе з-пад зямлі крыніца.
Шугае ўвышкі, на прастор, агонь.
Усё жывое мусіць нарадзіцца.

О вольны, нескароны дух! –
Вялікая загадка-таямніца!
Няхай жыве твой неўміручы рух,
Які не мае права прыпыніцца!


          Мая зорка

Насустрач ранку, дню насустрач
Іду сцяжынай палявой,
І думкі ўвішныя нясуцца,
Як жаўрукі над галавой.

Зямля плыве ў блакіт бясконцы,
У таямнічы, вечны свет.
Мы разам з ёй плывём да Сонца,
Да іншых казачных планет.

Але мілей за ўсё на свеце
Мой пешы шлях у збажыне
Да роднай хаты, што ў Сусвеце
Нязгаснай зоркай свеціць мне.


            Раманс

Не трэба слоў – яны абудзяць
Усё, што мы даўно перажылі.
Тых светлых дзён ніколі ўжо не будзе:
Нам стала цесна поруч на зямлі.

Не трэба слоў – дарма прытулак
У іх душа шукае зноў і зноў.
Маўчанне – наш адзіны паратунак.
Не трэба слоў. Не трэба слоў...


    Святочны сум

Адцвітае пара залатая
Нашых светлых, загадкавых дзён.
Я не той, ды і ты ўжо не тая,
І пражытае – нібыта сон.

Зарастае душа, зарастае
Павуціннем няспраўджаных мар.
Рэдка з вуснаў усмешка злятае,
І кладуцца маршчынкі на твар.

Адыходзіць пара маладая,
Дык ці варта яе нам гукаць?
Дзякуй Богу, сыны падрастаюць...
Час нявестак у хату чакаць.


      Радзіны

Хіба ж мала імгнення,
Каб душою ўваскрэснуць,
Каб у сэрцы асеннім
Нарадзілася песня?

Хіба ж мала хвіліны,
Каб наноў нарадзіцца
І асілкам былінным
Побач стаць з чараўніцай?

Хіба ж мала гадзіны,
Каб пад музыку лета
І прыпеў лебядзіны
Нарадзіцца паэтам?

Ах, радзіны, радзіны, –
Маладосці вяртанне!
Ах, радзіны, радзіны!
Ах, каханне, каханне!

Адплывае самота
У бяздонне міжчасся.
Вусны ловяць пяшчоту...
Хіба ж гэта не шчасце?


Званы Еўфрасінні

У вячэрнім завулку
Гарадка ля Дзвіны
Звоняць велічна-гулка
Еўфрасінні званы.

Пыл далёкіх стагоддзяў
На рачных берагах.
У набожным паходзе
Яна скончыла шлях.

О, святая дарога!..
Боль эпох не аціх.
Шлях да веры і Бога
Мусіць кожны прайсці.

У прыціхлым завулку –
Адчуванне віны...
Звоняць поклічна-гулка
Еўфрасінні званы.


          Жыццё

Жыццё – кароткае імгненне,
Душу маланкай паласне,
Народзіць тысячы імкненняў,
Абудзіць тысячы сумненняў,
Раптоўна сэрца скалане,
Зычліва дасць яму збавенне
І ціха згасне ў вечным сне.


    Тост “За Вёску!”

Выбачайце, гарадскія людзі:
Я за Вёску прапаную тост,
Бо яна была, і ёсць, і будзе
Нашай славы і надзеі пост.

Кожны горад пачынаўся з вёскі,
Да яе туліўся ў час бяды.
Тут эпох далёкіх адгалоскі
І вайны пачварныя сляды.

Вёска наша – сэрца, пульс краіны,
І дарэмна горад нос задраў,
На яе глядзіць, як на руіны, –
Будзе ў вёскі светлая пара!

Прамаўляю з гонарам: ”За Вёску!
За яе святыя мазалі!
За рупліўцаў, спадкаемцаў лёсу
Нашай роднай, спадчыннай зямлі! –

Патрыётаў Бацькаўшчыны нашай,
Да канца адданых ёй людзей!
П’ю, вяскоўцы, за здароўе ваша,
І за ваш шчаслівы новы дзень!”


            Абеліскі

Пад Масквою, Курскам, каля Мінска,
У бяскрайніх стэпах і глухіх лясах –
Абеліскі, абеліскі, абеліскі...
І імёны ў кветках-верасах.

А над імі птушак спеў вясновы
І асенні ціхі лістапад...
А на сэрцы – цяжкаю падковай
Боль за ўсіх загінуўшых салдат.

Ім у бронзе і граніце шэрым
Моўчкі з намі крочыць праз вякі.
Мы іх праўдзе, іх сумленню верым.
Абеліскі – нашы маякі.


        Аўцюкі

На Палессі куток ёсць такі,
Дзе спрадвеку жывуць каласкі,
Разам з імі калінкі жывуць, –
Гэты край Аўцюкамі завуць.
Аўцюкоўцы – вясёлы народ.
Кажуць, чорт зашнуроўваў ім рот,
Ды парваліся тыя шнуркі
І сплылі па цячэнню ракі.

Аўцюкоўцы не ўмеюць маўчаць,
Анекдоты штодня тут гучаць,
Тут прыпеўкі спяваюць штодня,
Хто ў гуморы, той – сябар, радня.
Тут ад смеху баляць жываты,
Тут смяюцца сабакі, каты.
Не жартуюць тут толькі казлы
І двухногія злыдні-аслы.

Аўцюкоўцы не церпяць лухты.
Калі хлусіш, – давай лататы.
Не схавацца ад кніпаў нідзе –
Ні ў трубе, ні ў агні, ні ў вадзе.
Тут ад смеху пашчэнкі трашчаць,
Смех нічым не спыніць, не стрымаць.
Калі хочаш шчаслівым ты быць,
Мусіш смех і пацешкі любіць.

Аўцюкоўцы – гасцінны народ.
Тут частуюць гасцей круглы год.
Калі трапілі вы ў Аўцюкі, –
Ешце поўніцай тут асцюкі.
Што ні хата – пасадзяць за стол,
Сто разоў наліваюць па сто,
А пад ранак праводзяць гасцей
Чапялой і пад рогат чарцей.


          Беларусь

Дзе ні быў я ў далёкіх краях,
Ты душу спавіваеш журбою,
Снішся мне, Беларусь дарагая мая,
Сэрца прагне сустрэчы з табою.

Дзе ні быў я ў далёкіх краях,
Па якіх толькі сцежках ні крочыў, –
Не знайшоў прыгажэй, як старонка мая,
Як твае, Беларусь, васільковыя вочы.

Дзе б ні быў я ў далёкіх краях,
Куды б лёс ні закінуў, – я знаю,
Што заўсёды чакае Радзіма мая...

Ёй сыноўскай любоўю навек прысягаю.


   Бусел і жабка

Каля рэчкі, дзе гагочуць
І смакуюць траўку гусі,
За царэўнай-жабкай сочыць
Ганарлівы белы бусел.
У сукенцы аксамітнай
І зялёных новых ботах
Прыгажуня-жабка спрытна
Вытанцоўвае факстроты.
Скок налева, скок направа,
Паміж купінак і кветак.
Гэтак лёгка, гэтак жвава
Аніхто не скача ўлетку.
“Вось дык забаўка-пацеха
Для маленькіх буслянятак,
Будуць курчыцца ад смеху,
Будзе ім цяпер занятак”, –
Думаў бусел, прыглядаўся.
Потым ціха ўскінуў крылы,
Над зямлёю распластаўся,
Пакружыў, праверыў сілы.
За чародкаю гусінай
Зноў прысеў. Падняў царэўну
І панёс у край бусліны
Пад гусіны крык напеўны.


        Вясна

Белы кіпень чаромхі
Разлівае вясна,
Людзям водар чароўны
Шчодра дорыць яна.

У блакіце высокім
Над люстэркам ракі
Выпраменьваюць сонца
І пяюць жаўрукі.

Сэрца стукае гулка,
Быццам рвецца з грудзей,
Колькі фарбаў і гукаў –
Столькі светлых надзей.

Я ж спалохаць баюся
Прыгажуню-вясну...
Разам з сонцам прачнуўся
І да зор не засну.


        Ля мора

Чайкі чакаюць прыбою,
Ветразі – шпаркага ветру.
Дыхае мора табою,
Пахне табою паветра.

Хвалі з разбегу гурбою
Бераг цалуюць аддана.
Поўніцца вечар табою,
Трызню сустрэчай жаданай.

Лёгкія крокі. Усмешка.
Чую тваё я дыханне...
Міг – і прыморская сцежка
Кіне ў абдымкі кахання.


* * *

Пад зорным небам верасня
Бягуць мае гады –
Праз лес, спавіты верасам,
Лугі, палі, сады,
Праз вёсны, леты, восені
І зімы з калатнечамі –
І раннія, і познія,
Мае сябры, паплечнікі,
Адданыя, руплівыя,
Вясёлыя, журботныя,
То шумна-гаманлівыя,
То ціхія, самотныя,
Бягуць-бягуць наўпрост яны
Па курсу Шляху Млечнага...
...Няўжо былі запросіны
Ад каралевы Вечнасці?


* * *

Ад крыўд, зласлівых позіркаў
Мяне ратуе возерка –
З яго мурожным беражкам,
Дзе свет цішы – нямераны,
З яго вадой духмянаю,
З туманам пераспанаю,
З лілеямі-красунямі,
Вясёлымі і сумнымі,
З яго чароўнай моваю,
Чаротнай шапатковаю,
Дзе песню лебядзіную
Я слухаю гадзінамі;

Тут, з вудай даўганосаю,
Вяду рэй-спрэчку з лёсам я,
Тут водарам ваколіцы
Абсягі сэрца поўняцца,
І раны хутка гояцца,
Тут згадкі шчасця рояцца,
Жыццё самотна-горкае
Спадзевам светлым торкае.


* * *

Вераснёўскі адвячорак.
Верасовая туга...
Да цябе дайшла чарга,
Вераснёўскі адвячорак.
Скрозь блакітная смуга.
Ты куды плывеш, мой човен?
Вераснёўскі адвячорак.
Верасовая туга...


* * *

З чужой маной,
з чужой віной
мне жыць да скону.
Яны са мной –
нямой сцяной,
тугой-аскомай.

За грэх чужы
я на мяжы
святла і ценю.
Я – на крыжы.
Бог, памажы:
дай сіл, цярпення.

Душа смыліць...
Не адбаліць...
Той грэх паганца
ні замаліць
ні спапяліць
не маю шанцаў.


Не лічы свае гады...

Застольна-жартоўная песня

Не лічы свае гады,
Не прыспешвай іх хады,
Дыхай роўненька.
Будзеш вечна малады,
Не мажны і не худы,
І здаровенькі.
І здаровенькі.
І здаровенькі.

Не шукай сабе бяды,
Не глытай сырой вады –
Пі цяплейшае.
Пі настойку з лебяды –
Ад маркоты і нуды
Лекі лепшыя.
Лекі лепшыя.
Лекі лепшыя.

Каб спяваў у сэрцы май,
На жанчын пагляд трымай,
Будзеш стройненькі.
Жонку моцна абдымай,
На суседку вока май –
Быццам родненькі.
Быццам родненькі.
Быццам родненькі.

Дулю ў думках не насі,
Кулакамі не трасі –
Час марнуецца.
Долі новай не прасі –
Сенажаць сваю касі.
Хай стагуецца!
Хай стагуецца!
Хай стагуецца!

Завіхайся, так як мы,
Ад вясны і да зімы.
Не гультайнічай.
Каб цвілі ў душы сады,
Не лічы свае гады...
Выбачай-чай-чай,
Выбачай-чай-чай,
Выбачай-чай-чай.
Об Авторе
Автор ряда поэтических книг, многих лирических песен. Стихи переведены на русский и болгарский языки. Родился в 1950 г. в д. Кривичи Ивьевского р-на Гродненской обл.
По профессии – учитель и журналист. В настоящее время работает советником Посольства Республики Беларусь в Российской Федерации.